КРАЁВА РА́ДА НАРАДО́ВА (КРН, Krajowa Rada Narodowa, Нацыянальны савет краіны),
часовы прадстаўнічы орган улады ў Польшчы ў 1944—47. Створаны ў ноч на 1.1.1944 па ініцыятыве Польскай рабочай партыі з мэтай прыняцця на сябе дзярж. улады ў Польшчы пасля ўступлення на яе тэр. Сав. Арміі. КРН не прызнала легітымнасці прэзідэнта і ўрада Польскай Рэспублікі ў эміграцыі. У яе праграмнай дэкларацыі абвяшчаліся барацьба з ням.-фаш. акупантамі, стварэнне ў краіне часовага ўрада, ажыццяўленне сац.-эканам. рэформ, саюз з СССР, прынцыпы стварэння Арміі Людовай. У чэрв. 1944 КРН прызналі СССР і Саюз польскіх патрыётаў, пасля ўступлення на тэр. Польшчы сав. войск яе прадстаўнікі сфарміравалі 21.7.1944 Польскі камітэт нацыянальнага вызвалення, ператвораны 31.12.1944 у часовы ўрад Польскай Рэспублікі. З жн. 1945 КРН выконвала функцыі часовага парламента, яе працай кіраваў прэзідыум на чале з Б.Берутам. У склад КРН уваходзілі прадстаўнікі паліт. партый, прафсаюзаў, грамадскіх арг-цый, ваяводскіх нац. саветаў, арміі, інтэлігенцыі. КРН заключыла дагавор аб дружбе, узаемнай дапамозе і пасляваен. супрацоўніцтве з СССР (21.4.1945), прыняла закон аб нацыяналізацыі буйной і сярэдняй прам-сці, транспарту, банкаў і сродкаў сувязі (3.1.1946) і інш. Пасля абрання Заканад. сейма (4.2.1947) спыніла сваю дзейнасць.
т. 8, с. 442
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)